 Мікалай Статкевіч, лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010, адказаў на пытанні "Радые Свабода" пра візіт дарадцы прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана:
- як ён ацэньвае гэты візыт
- што хацеў б сказаць спадару Болтану пры сустрэчы.
1. Калі разважаць з гледзішча агульнадзяржаўных інтарэсаў, гэта плюс, бо ЗША паказваюць зацікаўленасьць у незалежнасьці Беларусі. Гэта невялікая, чыста сымбалічная дапамога і ўвага, бо мы разумеем, што сымбалічныя крокі не абароняць нас ад спробаў анэксіі.
Трэба ўвесь час памятаць, што галоўная прычына гэтай пагрозы, галоўная пагроза незалежнасьці — гэта той самы Лукашэнка, зь якім сустракаецца спадар Болтан. Бо ён ніколі нічога не рабіў і ня робіць для ўмацаваньня незалежнасьці, умацаваньня краіны, яе самастойнасьці. Для яго важная толькі свая асабістая ўлада.
2. Я сказаў бы, што ЗША доўгія дзесяцігодзьдзі былі сымбалем свабоды ў сьвеце. Яны былі лідэрамі барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Гэта важная ідэалёгія, якая прыцягвала да іх сымпатыі мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце. Калі пачынаць гуляць з дыктатарамі, не зважаць на правы чалавека, на свабоду і дэмакратыю ў іншых краінах, то можна страціць гэты статус. І ператварыцца проста яшчэ ў адну вялікую краіну, якая змагаецца за рынкі і геапалітычны ўплыў. І чым тады для беларусаў ЗША будуць адрозьнівацца ад Кітаю? Я думаю, нельга губляць гэты неацэнны скарб маральнага лідэрства. |